Actions
imgonline-com-ua-resi... webp
(23.52 KB, 840x560)
(23.52 KB, 840x560)
https://nashaniva.com/398463 Палонны жыхар Бабруйска расказаў, як пасля п'янкі са знаёмымі ў саўне паехаў ваяваць за Расію за кампанію з імі Сяргей Тарас працаваў на будоўлях, таксама быў кухарам. Пасля сумеснай п'янкі ў кампаніі былога Вафлёраўца ён падпісаў кантракт з Міністэрствам абароны Расіі. Цяпер мужчына знаходзіцца ва ўкраінскім палоне і спадзяецца на абмен. Сваёй гісторыяй Сяргей Тарас падзяліўся з Аляксандрам Кабанавым у спецыяльным выпуску ( https://youtube.com/watch?v=PVjivzK0oWo ) ютуб-канала BelPol. Паводле слоў Сяргея, апошнія гады ён ездзіў на заробкі ў Смаленск. Як згадвае Сяргей, у 2024 годзе ён сустрэў у саўне знаёмых. «Адзін беларус быў, адзін былы Вафлёравец. Мы там выпівалі, і мяне запрасілі. (…) Умовы не памятаю. П'яны быў. (…) Кажа: паехалі з намі. Яны ў адпачынку былі. Ехалі назад у часць», — распавядае Тарас. Пасля гэтай п'янай размовы мужчына разам са знаёмымі паехаў у вайсковую часць у Смаленскай вобласці, дзе падпісаў кантракт з Міністэрствам абароны Расіі. Паводле яго слоў, пазней ён атрымаў каля 4 мільёнаў расійскіх рублёў (па цяперашнім курсе каля $55 тысяч) выплат, якія засталіся на банкаўскай картцы. Цяпер ён не мае да гэтых грошай доступу. На пытанне пра матывацыю мужчына адказвае: «Я нарадзіўся ў Савецкім Саюзе. Я лічу, што ў нас як бы адна краіна». Тарас сцвярджае, што першапачаткова не разумеў, што давядзецца забіваць украінцаў, але, трапіўшы на перадавую, зразумеў, «што тут трэба ваяваць». Пасля падпісання кантракта Сяргей два тыдні праходзіў ваенную падрыхтоўку як стралок у вучэбнай часці на Смаленшчыне, а затым яшчэ два тыдні — у Луганскай вобласці. «Нас набіралі ў штурмавыя роты», — кажа ён. Паводле слоў наёмніка, актыўнага ўдзелу ў баявых дзеяннях ён не прымаў. «Я быў у закрэпах. У нас кантакту прамога [з праціўнікам] не было. Мы ахоўвалі». Адным з самых страшных момантаў вайны Сяргей называе налёты цяжкіх беспілотнікаў, якія салдаты называлі «Баба Яга». Гэты дроны скідваюць 82‑міліметровыя мінамётныя міны. «Калі ў яме сядзіш, у цябе нічога няма. І проста на цябе практычна скідваюць», — кажа Тарас і сцвярджае, што бачыў вялікія страты сярод вайскоўцаў, з якімі служыў. Яго ўдзел у вайне скончыўся палонам, аднак пра абставіны, пры якіх ён трапіў да ўкраінцаў, мужчына не расказвае. < ...> Суайчыннікам, якія могуць разглядаць магчымасць удзелу ў вайне, ён раіць: «Няхай падумаюць, перш чым нешта рабіць. Не на п'яную галаву, а на цвярозую. Вайна — гэта смерць. Чалавек няхай рэальна думае, што ён не проста так ідзе туды, а ідзе паміраць».